суббота, 15 ноября 2014 г.

Мотападарожжа па паўднёвай Беларусі

Вось і ўдалося мне здзейсніць яшчэ адну сваю задумку — мотападарожжа па Беларусі на сваім рэтраматацыкле ІЖ-56, які дастаўся мне ад бацькі і быў мною удасканалены і прыстасаваны да гэтага. Да распаўсюджанасці аўто, гэты «моцік» добра паслужыў мне ў маладосці. На ім я катаў і жонку, і дзяцей. Потым, калі з'явіліся ў мяне машыны, ён, амаль 15 гадоў, прастаяў у кутку гаража. І толькі, калі ў 2010 годзе ў Бабруйску праходзіў фестываль байкераў, я ажывіў яго за 5 гадзін з напалову разабранага становішча. Сусед па гаражу ўвесь гэты час з зацікаўленнасцю назіраў за маімі дзеяннямі. Яго хвалявала пытанне: «Завядзецца мой конь ці не?». А калі я запусціў рухавік, ён не стрымаў здзіўлення і адвесіў мне пахвалу: «Ну ты і майстра!» І я з гонарам паехаў на байкфестываль, праўда на той момант без пройдзенага тэхагляду.
Так я ператварыўся з мотааматара у байкера (але гэта тое-ж самае значыць што і матацыкліст). Потым я самаручна зрабіў сабе і байкерскую вопратку. Я лічу, што для такога «старэнькага коніка» камічна выглядаў бы суперсучасны прыкід яго седака. Таму я распрацаваў свой варыянт курткі і штаноў, пальчатак і шлемаў.
На другім і трэцім байкфестывалях, у якіх я таксама прымаў удзел, мною ўжо цікавіліся іншыя байкеры, з некаторымі я паспеў пасябраваць. Але, каб быць сапраўдным байкерам, не дастаткова мець магутны імпартны байк і ганяць з шалёнай хуткасцю ад перакрыжавання да перакрыжавання ў горадзе. Сапраўдны байкер гэта той, каго вабяць дальнія вандроўкі. І менавіта аб іх я марыў.
У пачатку верасня 2014 года, калі лета яшчэ не скончылася і надвор'е было без дажджоў, я вырашыў аб'ехаць паўднёва-заходнюю частку Беларусі. Чаму менавіта яе? Таму, што мяне цікавіла, як жыве менавіта гэта частка насельніцтва нашай краіны. А канкрэтна: наколькі беларусы з'яўляюцца беларусамі. Бо па ўсходняй частцы Беларусі, здаецца мне, меркаваць аб гэтым немагчыма — там жыхары зусім абруселі.
Мой «мотаконік» доўга не згаджаўся на такую вандроўку і нават брыкаўся (біў завадной лапкай мне ў нагу). Але і я ўпарты. Некалькі дзён правазіўшыся з электраабсталяванням і карбюратарам нарэшце давёў яго да добрана стану і з першага разу прайшоў дзяржаўны тэхагляд. Шкада толькі што ў сувязі з рамонтам зменшылася запланаваная на падарожжа колькасць дзён. І ўсё ж такі я еду.



Купіў у кнігарні падрабязную карту і стартаваў ад Свята-Нікольскага сабора ў Бабруйску 11 верасня ў другой палове дня.
Першы прыпынак зрабіў за Парычамі ў памятнага месца, адкуль у 1944 годзе пачалася наступацельная аперацыя «Баграціён» па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

І да гэтага часу ў лесе бачны сляды траншэяў і акопаў той страшнай вайны.

У саміх Парычах нічога цікавага няма, акрамя камня-помніка адміралу Пушчыну і яго жонцы — былых уладароў гэтага мястэчка.
Наступным быў вельмі прыгожы малады гарадок Светлагорск, які ўзнік у 1961годзе на месцы вёскі Шацілкі. У ім ёсць добраўпарадкаваная плошча на беразе ракі Бярэзіны. На ёй знаходзіцца помнік у выглядзе расколатага звона з імёнамі загінуўшых у вайне з немцамі салдат і афіцэраў, а побач помнік загінуўшым у Афганістане, цудоўны касцёл, у якім ёсць арган, прыгожая наберажная.





















У Рэчыцу я прыехаў калі пачынала цямнець. Кампанія моладзі з півам параіла паглядзець іх каляровы фантан, што я і зрабіў.

Ён мне вельмі спадабаўся, а таксама і усё іншае, што там знаходзіцца. У Гомель я прыбыў у цемнаце і завітаў у госці да армейскага сябра, у якога і заначаваў.

Раніцай развітаўшыся з сябрам я рушыў у Лоеў. Гэты гарадскі пасёлак стаіць на месцы зліцця Сожа з Дняпром. Тут я завітаў у музей бітвы за Днепр. Немцы казалі, што хутчэй Днепр пацячэ ў іншы бок, чым Чырвоная Армія возьме Лоеў. Але нашы дзяды цаной многіх жыццяў змаглі фарсіраваць Днепр і прарваць абарону немцаў. Аб усім гэтым і аб гісторыі Лоева распавядала мне дырэктар Рымма Генадзіеўна. Прычым, калі я загаварыў з ёй па- беларуску, дык яна і ўсю экскурсію для мяне правяла на беларускай мове за што я ёй вельмі ўдзячны. Тут жа побач знаходзіцца 18-ці мятровы абеліск Славы і не благі музей баявой тэхнікі пад адкрытым небам, трохі вышэй ажурная альтанка, а яшчэ трошкі далей добрая пляцоўка, з якой бачна як Сож упадае ў Днепр.



Там, за імі ўжо Украіна і хто б мог падумаць, што такое здарыцца. Зараз там ідзе грамадзянская вайна і ўкраінцы забіваюць украінцаў.
У самы крайні куток гэтай часткі Беларусі я не паехаў, бо калісьці праз Камарын я ездзіў на Украіну і бачыў жахі Чарнобыля — пустыя вёскі, калгасы, фермы. Таму я паехаў у Брагін. Што там здзівіла? Тое, што на плітах помніка ў цэнтры Брагіна спісы выселеных вёсак, а на адной пліце напісаны вёскі прызначаные да высялення, у тым ліку і гарадскі паселак Брагін.

На двары 2014 год (30 гадоў прайшло,) а ніхто нікога не высяліў. І Брагін чысценькі і добра заасфальтаваны пасёлак, а па вуліцах ходзяць цяжарныя жанчыны і маладыя маці з каляскамі.
Да Хойнікаў вядзе, як мне сказалі мясцовые вадзіцелі, прамая дарога «папрыгайка-незасыпайка» у чым я сам пераканаўся, добра асфальтаваная, але настолькі гарбатая, што заснуць рухаясь па ёй не магчыма. Хойнікі -сціплы гарадок, але там ёсць прыгожы парк.
Далей я завітаў у вёску Глінішча — радзіму пісьменніка Івана Мележа, там ёсць музей размешчаны ў ягонай хаце.

Нажаль ён быў ужо зачынены. К вечару я прыехаў у Юравічскі манастыр. Раней ён быў касцёлам іезуітаў, потым належаў Бернардзінскаму ордэну быў як мужчынскім, так і жаночым манастыром. Зараз пераданы праваслаўнай царкве.

Я прыехаў туды якраз у той час, калі павінен быў адбыцца Крыжны ход з іконай Багародзіцы. Бацюшка Марк запрасіў мяне павячэраць і наогул прапанаваў заначаваць, чым я з яго парады і скарыстаўся.

Крыху пазней з'явіліся яшчэ два падарожнікі на мінскіх матацыклах і ім таксама не адмовілі тут у начлезе. Мы не засталіся ў пазыке і да позняй ночы дапамагалі ў падрыхтоўцы да заўтрашнега царкоўнага свята. За адно пазнаёміліся з іншымі, каго прыгрэла царква: Жорам — медбратам з Луганска, які ўцёк ад вайны на Украіне, Мікалаем — медбратам з Гомеля, Аляксандрам — былым пажарнікам з Асіповічаў (ён звадзіў мяне ў званніцу і ў крыпту царквы, што ні кожнаму дазваляецца.

І там я першы раз у жыцці слухаў як доўга гучыць галоўны вялізарны звон). Маладыя дзяўчаты — паломніцы з Гомеля, працавалі на кухні і мы ім таксама дапамагалі. Потым доўга яшчэ гутарылі з Міколам Свірко і Аляксандрам Загорскім — байкерамі, якіе ехалі ў процілеглым напрамку. Астатак ночы я спаў на ложку пад абразамі.


На наступны дзень, пасля ўдзелу ў Крыжным ходзе, я адправіўся мінаючы Мозыр ў Нароўлю. У Мозыр не паехаў, не гледзячы на тое, што там у гэты час святкавалі Дзень Горада. А гэтые пьянкі-гулянкі і народныя промыслы я бачыў і ў іншых гарадах. Было відавочным, што праехаць па цэнтральных вуліцах і цікавых месцах хутчэй за ўсё будзе нельга.
Нароўля — невялікі горад з 38-мю тысячамі жыхароў і сумным помнікам адселеным вёскам. Ельск — нічым непрыкметны гарадок з 9-цю тысячамі жыхароў. Далей трохі паблукаўшы па вясковых дарогах, я трапіў у Лельчыцы — нічым непрыкметны гарадскі пасёлак, дзе я нічога цікавага не ўбачыў, акрамя помніка воінам-афганцам усталяванага толькі ў 2013 годзе. Далей я з вялікай хуткасцю імчаў у старажытны Тураў цераз Нацыянальны парк Прыпятскі і разважаў аб тым, якія прыгожыя лясы і дагледжаные палеткі на Палессі, але ўсё гэта хараство псуюць знакі радыяцыйнай небяспекі паабапал дарогі.

Якая вялікая бяда сапсавала чвэрць тэрыторыі Беларусі. Японія, больш тэхналагічная і багатая краіна, пасля аварыі на Фукусіма, адмовілася ад выкарыстання атамнай энергетыкі і супыніла дзейнасць усіх пяцідзесяці рэактараў па ўсёй краіне. А мы такіе «разумныя», што пасля Чарнобыля будуем уласную АЭС, аб мэтазгоднасці якой, яе эканамічнасці і тым больш энергетычнай незалежнасці нашай краіны можна было б паспрачацца. Але хто нас паслухае.
У Тураве на мясцовых могілках з зямлі растуць крыжы.

Пагледзеўшы на гэта, я падумаў: «А ці не падман гэта?». Але «ВЕРТЕ И ПО ВЕРЕ ВАМ ВОЗДАСТСЯ!» А вось знакамітаму Кірылу Тураўскаму я пакланіўся на месцы, магчымага яго пахавання. Наогул старажытны Тураў спадабаўся мне сваёй акуратнасцю і ўтульнасцю, напрыклад, там ёсць спецыяльныя веладарожкі.
І зноў вечарэе.

Сонца коціцца за небасхіл, а я качуся за ім з вялікай хуткасцю, але не паспяваю.
Каб паспець за сонцам трэба б было рухацца з хуткасцю 1666км/г, але мой «конік» на такое не здольны. Заехаўшы ў Давыд-Гарадок і, праехаўшы яго бадай што ўвесь наскрозь, я даведаўся, што ў горадзе толькі адна запраўка і знаходзіцца яна недалёка ад таго месца, дзе я заязджаў у горад. Такім чынам мне прыйшлося вяртацца цераз увесь горад туды, дзе на дарозе няма ніякіх знакаў, якія б пазначалі аўтазапраўку. Урэшце знайшоўшы яе, я напісаў ім заўвагу у кнізе скаргаў і прапаноў. І вось у кастрычніку атрымаў афіцыйны адказ, што зараз вядзецца праца па ўсталяванні дарожных знакаў, якія будуць указываць накірунак да Давыд-гарадоцкай АЗС. Гэта вельмі добра, што кіраўніцтва «Белнафта» так хутка рэагіруе на заўвагі. А яшчэ мяне ўразіла тое, што тутэйшыя жыхары вельмі багатыя. Як мне казалі самі мясцовые: «Бадай у кожнага ёсць схаваны гаршчок з золатам». І гэта вельмі добра. Багатые жыхары — багатая краіна. Але прыпамінаю, што ў часы перабудовы і галоснасці, я чытаў у газетах аб тым, што жыхары Давыд-гарадка сталі заможнымі не ў калгасах ці на прадпрыемствах, а вырошчваючы на уласных падворках і гандлюючы на прасторах Савецкага Саюза насеннем.
Зусім сцямнела і я заначаваў у новенькай гасцініцы з назвай «Гарадок».

Раніцай мне хацелась як мага хутчэй трапіць у Пінск, там, як мне падказалі, у той час праходзіў фестываль байкераў. Але ехаць я ўсёроўна вырашыў не напрамкі, а цераз Столін і Рэчыцу, нягледзячы на тое, што там, як мне казалі, нічога цікавага і няма, я ўсё ж такі завітаў і туды.
У Пінску я апынуўся ў поўдзень. Насустрач мне ехалі байкеры, якія раз'язджаліся з фестываля, і віталі мяне раскрытай далонню. Мяне гэта ніколькі не збянтэжыла і я ўпарта ехаў на фестываль і ўсё ж такі трапіў туды. Там было яшчэ шмат матацыклаў і байкераў. Я нават атрымаў прыз «як сама позна прыехаўшы».










Тут удалося мне яшчэ і паабедаць. А на выездзе ДАІ правярала ўсіх на цвярозасць незвычайным чынам — выдыхам у стакан. Мяне таксама праверыла, нягледзечы на тое, што я гадзіну назад прыехаў. Напэўна, падумалі, што я сюды напіцца прыехаў.
Далей у Іванава я паехаў не па магістралі, а зноў па вясковых дарогах. Мяне цікавіла, як жыве мясцовы люд. Дарога са шматлікімі незнаёмымі паваротамі. У адной з вёсак добра пераадолець паварот мне памяшалі грузавікі, якія марудна рухаліся перада мной і насустрач мне. Ад рэзкага тармажэння і пяску на асфальце мяне выкінула з дарогі. Ляпнуўся аб глебу я добра. Дааа.., два колы гэта не чатыры і з байкерамі гэта здараецца. Дзякуй Богу, што цэлы, але ж трохі пабіты, я падняў свой матацыкал, у яго таксама былі пашкоджанні. Я разагнуў сагнуты руль, «заскотчыў» трэснуты лабавік, выкінуў пабітае правае люстэрка задняга віду і паехаў далей. Вось толькі запускаць рухавік і садзіцца на гэтага каня стала цяжэй, бо балела нага, але да ночы мне патрэбна было быць у Брэсце. Так што Іванава, Драгічын, Кобрын праехаў без асабістых уражаннеў, потым накіраваўся ў Маларыту. Нягледзячы на маё такое дарожнае здарэнне я вырашыў завітаць і ў гэты куток Беларусі. А вось ад Маларыты зноў паехаў па вёсках: Збураж, Гваздніца, Брадзяцін, Медно, Знаменка, а там такая грунтоўка, як пральная дошка. Пакуль праехаў гэты кавалак шляху ад вібрацыі параскручваліся некаторые шрубы і гайкі. І далей уздоўж беларуска-польскай мяжы ў цемнаце я прыехаў у Брэст. Доўга шукаў сваіх настаўнікаў, якіх не бачыў больш за 30 гадоў. І вось позна вечарам я ў іх у гасцях і мой настаўнік частуе мяне па такому выпадку каньячком. Доўгі вечар успамінаў, дарэчы кажучы, мае настаўнікі і пазнаёміліся ў нашай вясковай школе і сталі мужам і жонкай, пагэтаму яна ім асабліва памятна.


Зранку, калі я прышоў забіраць свой матацыкл з аўтастаянкі, мяне там даўно чакаў яе дырэктар. Яго вельмі ўразіла, што на такім старым матацыкле я так далёка вандрую. Выказваючы мне вялікую павагу, ён запрасіў мяне да сябе ў майстэрню. У ва мне ён знайшоў аднадумцу, бо ён сам аднаўляе старыя матацыклы, прыдае ім першапачатковы выгляд.
У яго майстэрні стаяў і адноўлены ІЖ-56 у арыгінале. Ён выглядаў не вельмі прывабна -прамы руль, без шчыткоў для ног, без лабавіка, без паваротнікаў, без багажніка і спінкі, непрывабнага колеру, але менавіта такія ў той час выпускала прамысловасць СССР і ездзіць на ім можна было толькі з вёскі ў вёску. Я свой абсталяваў усім неабходным для дальніх вандровак і ўсё роўна гэта тэхніка мінулага стагоддзя. Сучасныя байкі заводзяцца націскам адной кнопкі, ёсць вельмі камфортныя і зручныя мадэлі. А на маім старым падарожнічаць цяжкавата, але мне гэта ўдаецца.
І вось я ўжо імчу ў Белавежскую пушчу. Гэта каштоўны дыямант Беларусі і мы можам ганарыцца, што захавалі яго ў такім становішчы для нашчадкаў.

Там ёсць на што пагледзяць і добра правесці час. Я хацеў цераз пушчу трапіць у Віскулі (дзе росчыркам пяра развалілі «Саюз нерушымы»), але мяне туды не пусцілі і, аб'ехаўшы кругам пушчу, я спыніўся за вёскай Шерашева, дзе і паставіў сваю палатку.

Раніцай усё навокал было зацягнута туманам, я шкадаваў, што не змог з пажарнай вышкі палюбавацца мясцовымі даляглядамі. Ну што ж, упакаваўся і далей у Ваўкавыск. А за Ваўкавыскам ёсць знакамітыя кар'еры, дзе здабываюць крэйду, вада ў іх розных колераў, я пабываў на зялёным і на блакітным.



Гэтыя кар'еры карыстаюцца попытам і сюды едуць адпачываць і са сталіцы, ды толькі адпачываць цывілізавана не ўмеюць. Зручныя месцы для стаянак засмечаны. Якіх толькі шкляных і пластыкавых бутэлек ад гарэлкі, віна і піва тут ні ўбачыш.

Па гэтай прычыне кожны год хапае тапельцаў. І мой «конік» ледзьве тут не ўтапіўся, хоць і быў цвярозы. А ўсё з-за маёй дурной галавы. Не заўважыўшы, што ўключана перадача, я стаў заводзіць рухавік. На маё здзіўленне ён завёуся з першага штуршка, што не заўсёды бывае, і ірвануў да абрыва. У апошні момант я зваліў яго на бок. Яшчэ б паўметра і мой «конік» скончыў жыццё самагубствам на дне блакітнага возера, а магчыма і я таксама.

Нават зараз, калі ўспамінаю гэты момант, узнікае халадок у грудзях. Пасля гэтага Рось, Масты, Зельва, Слонім неяк хутка праскочыў у раздумках аб гэтым здарэнні. У Жыровічскім манастыры я хацеў паставіць Богу свечку за тое, што ўсё добра абыйшлося, але манастыр аказаўся зачынены і я ў поцемках прыехаў у Баранавічы, там і заначаваў у роднага дзяцькі.
У апошні дзень падарожжа, перш-наперш я заехаў у Ляхавічы — ціхі гарадок, дзе мяне здзівіла назва ракі «Ведзьма». Потым Клецк, дзе я завітаў у краязнаўчы музей. А потым Нясвіж і Мір, дзе я правёў большую частку дня.







Гэта безумоўна адны з самых цікавых мясцін Беларусі. Роскаш палацаў, цэркваў і касцёлаў напомніла мне Італію, але пасля агляду ўсяго гэтага багацця галаву свідравала думка, што карысталася ўсім гэтым толькі улада. А просты люд, як заўсёды, павінен быў будаваць, працаваць, абслугоўваць і маліцца.

І яшчэ здзівіла, што ў такіх знакамітых месцах экскурсіі на беларускай мове не праводзяцца. Далей я накіраваўся ў Стаўбцы, дзе для мяне стала адкрыццём, што там правёў дзяцінства Ф.Э.Дзяржынскі, ён жа, я ведаў, родам з-пад Валожына. Потым Узда, Копыль, Слуцк і праз Старыя Дарогі я вярнуўся ў Бабруйск.
За тыдзень я праехаў 2000 км па паўднёвай і заходняй частцы Беларусі, любаваўся дагледжанымі палямі, з якіх своечасова сабрана збожжа, а салома і сена акуратна спрасавана ў цюкі, а на іншых палях кукуруза чакае свайго часу.

Мне спадабаліся чысценькія гарады і пасёлкі, добра заасфальтаваныя дарогі.







Усё сведчыць аб тым, што тут гаспадарыць руплівы народ, але наколькі беларусы з'яўляюцца беларусамі? Менавіта гэта я хацеў высветліць у сваёй вандроўцы.
Я гутарыў з многімі людзьмі і ўсе яны, акрамя дзеячаў культуры, размаўлялі са мной на рускай мове, нягледзячы на тое, што я гаварыў з імі па-беларуску. І нават, калі я задаваў ім пытанне: «Чаму Вы не карыстаецеся роднай мовай?» большасць адказвала, што яны яе не ведаюць ці дрэнна валодаюць.Асабліва мяне ўразіла тое, што многіх у Беларусі здзіўляе і здаецца ім смешным чалавек, які размаўляе на беларускай мове. Не аднойчы я заўважаў адносіны да сябе, як да дзівака. Многія здзіўлялі мяне пытаннем: «Вы, наверное, учитель?», як быццам просты беларус не можа гаварыць па-беларуску. Яшчэ, што мяне ўразіла, што ніводная афіцыйная асоба: ці то міліцыянер, ці то чыноўнік не падтрымаў размову на беларускай мове. Калісьці раней нават задавалі пытанне: «Вы што, з БНФ?».Чаму перад падарожжам, як не шукаў, я не змог купіць ПДР( Правілы Дарожнага Руху) на беларускай мове? Чаму на кампакт-дысках амаль няма беларускіх сучасных песен ці аўдыёкніг? Мне ў краме адказалі, што яны не карыстаюцца попытам. Аб чым гэта сведчыць? Аб тым, што ў нашай краіне размаўляюць пераважна на мове іншай краіны. Безумоўна, калі дома бацькі размаўляюць па-руску, у садку выхавацелі размаўляюць па-руску, у школе настаўнікі размаўляюць па-руску, то потым вывучэнне беларускай мовы атрымліваецца цяжкім, непрыемным і непатрэбным для жыцця заняткам. За прыкладам далёка хадзіць не патрэбна. Маі дзеці дасканала ведаюць англійскую мову, а беларускай не карыстаюцца і не паважаюць яе. Жонка падтрымлівае гаворку на роднай мове толькі дома, а на людзях саромеецца. У нашай краіне две мовы маюць статус дзяржаўнай і гэта вельмі добра. Бо мы яшчэ нядаўна выйшлі з былога Саюза і ў нашай многанацыянальнай краіне руская мова з'яўляецца аб'ядноўваючай для ўсіх нацый былога СССР. Але шкада, што перавага аддаецца рускай. Мы губляем штосьці вельмі каштоўнае, сваю самабытнасць, свае рысы. Раней, дзе я ні бываў ці на Каўказе, ці ў Сярэдняй Азіі заўсёды адчуваў добразычлівасць да мяне, калі мясцовые даведываліся, што я беларус. Напэўна таму, што беларусы ніколі не адносіліся з пагардай да іншых народаў і заўсёды вялі сябе прыстойна, чаго не скажаш пра рускіх, канешне, не пра ўсіх. Зараз жа мы нічым не адрозніваемся ад рускіх — гаворым па-рускі праз слова ўжываючы мат, пьем, напэўна, не меней за рускіх, курым амаль усе: і жанчыны, і падлеткі, абыякава адносімся да асяродзя. Яшчэ ў мазгах і крыві засталіся наша памяркоўнасць, талерантнасць, працавітасць і хоць па радыё яшчэ гучыць беларуская мова. Але як надоўга?
Аднойчы мяне ўразілі словы з песні «Гаворка беларуская»:
«Ёй карыстаўся мой дзед, мой прадзед
Ад першых да апошніх дзён.
Дык як жа нам нашчадкам здрадзіць
Ім здрада будзе як праклён.»
Між іншым ЮНЭСКА назвала беларускую мову адной з самых мілагучных у свеце.

Беларусы, шануйце ў сябе БЕЛАРУСА!



P.S. Можа я ў чым памыліўся, але гэта мой уласны погляд на сучаснасць і роздум над тым, што бачыў і чуў. Магчыма ён не дасканалы і не вельмі абгрунтаваны.Напэўна патрэбна прадоўжыць падарожжа па астатняй частцы Беларусі i новые сустрэчы і назіранні дапоўняць ці зменяць малюнак маёй Радзімы ў маіх вачах.
С павагай да Вас Аляксандр Архіпенка.